Калі ты сутыкнуўся з адмовай выдаць атэстат або акадэмічныя дакументы з універсітэта, гэта можа стаць сур’ёзнай перашкодай для працягу навучання або працы. Але ёсць альтэрнатыўныя спосабы пацвердзіць сваю адукацыю, нават у такой складанай сітуацыі.
Чаму ўзнікаюць праблемы?
З 2023 года ў Беларусі дзейнічае ўказ, які забараняе ўніверсітэтам выдаваць дакументы без асабістай прысутнасці або натарыяльна засведчанай даверанасці, аформленай унутры краіны. Гэта моцна ўскладняе жыццё студэнтаў за мяжой.
Як атрымаць дакументы з універсітэта?
Даведайся патрабаванні ўніверсітэта:
- Некаторыя вну прымаюць даверанасці, аформленыя за мяжой (з перакладам на рускую мову).
- Іншыя патрабуюць толькі асабістай прысутнасці.
- Звяжыся з універсітэтам, каб удакладніць іх палітыку.
Запытай пісьмовую адмову: Калі ўніверсітэт адмаўляе ў выдачы дакументаў, папрасі прадаставіць пісьмовую адмову з указаннем прычыны. Гэта можа дапамагчы пры звароце за альтэрнатыўнымі рашэннямі.
Паспрабуй аформіць даверанасць у Беларусі: Калі ў цябе ёсць сваякі або знаёмыя ў краіне, яны могуць дапамагчы аформіць даверанасць на іх імя праз натарыуса ў Беларусі.
Скарыстайся міжнароднымі арганізацыямі: Калі атрыманне дакументаў крытычна важнае, звярніся па дапамогу ў міжнародныя або праваабарончыя арганізацыі. Яны могуць пракансультаваць або прапанаваць іншыя рашэнні.
Што рабіць, калі не аддаюць атэстат аб сярэдняй адукацыі?
Калі ўніверсітэт адмаўляецца выдаць твой атэстат, школа, дзе ты вучыўся, можа выдаць даведку з аналагічнай інфармацыяй.
Што змяшчае даведка:
- Звесткі аб тваёй сярэдняй адукацыі
- Адзнакі па прадметах
- Пацвярджэнне завяршэння школьнага навучання (з пячаткай і подпісам дырэктара)
Як запытаць даведку:
- Звяжыся з адміністрацыяй сваёй школы
- Напішы заяву на выдачу даведкі
- Калі ты за мяжой, папрасі сваякоў або знаёмых дапамагчы забраць дакумент
Калі атрымаць дакументы немагчыма
Калі ўніверсітэт або школа ўсё роўна адмаўляюць у выдачы дакументаў, ёсць альтэрнатыўныя спосабы пацвердзіць сваю адукацыю:
Скарыстайся копіямі або фота: Калі ў цябе засталіся копіі атэстата, залікоўкі або іншых дакументаў, яны могуць быць карысныя для паступлення або працы. Зрабі натарыяльны пераклад копій, калі гэта спатрэбіцца.
Звярніся ў новы вну з тлумачэннем: Многія ўніверсітэты за мяжой разумеюць складанасці студэнтаў з Беларусі і гатовыя разглядаць індывідуальныя выпадкі. Падрыхтуй:
- Ліст з тлумачэннем сваёй сітуацыі
- Любыя даступныя копіі або даведкі
- Рэкамендацыі ад выкладчыкаў (калі ёсць)
Разгледзь адукацыйныя праграмы для беларусаў: Спецыяльныя праграмы і стыпендыі даступныя ў Літве, Польшчы, Чэхіі і іншых краінах.
Агульныя парады па працы з дакументамі
- Захавай копіі: Калі ў цябе ёсць дакументы, адразу зрабі копіі і сканы, захоўвай іх у воблачных сэрвісах (Google Drive, Dropbox).
- Удакладняй патрабаванні: Перад падачай дакументаў ва ўніверсітэт удакладні, што яны гатовыя прыняць замест арыгіналаў.
- Засведчы дакументы: Калі ты плануеш выкарыстоўваць копіі або даведкі за мяжой, перакладзі іх і засведчы ў натарыуса.
Праблемы з атрыманнем адукацыйных дакументаў могуць быць складанымі, але яны не безвыходныя. Калі табе патрэбна дапамога з пошукам праграм, перакладамі або кансультацыяй, напішы нам.