Францыя прапануе замежным студэнтам адны з лепшых умоў у Еўрапейскім саюзе, дзяржаўная медыцынская сістэма тут стала бясплатнай для ўсіх студэнтаў ВНУ незалежна ад грамадзянства, разбяромся, як яе аформіць.
Дзяржаўная сістэма Assurance Maladie: што гэта і каму даступна
Французская сістэма абавязковага медыцынскага страхавання называецца Assurance Maladie і адміністрыруецца праз анлайн-платформу Ameli (ameli.fr). З 2018 года рэгістрацыя і доступ да сістэмы сталі бясплатнымі для ўсіх студэнтаў французскіх ВНУ. Гэта тычыцца любога замежнага студэнта, залічанага ў акрэдытаваны французскі ўніверсітэт, незалежна ад краіны паходжання. Аднак ёсць важнае абмежаванне — калі ты прыязджаеш у Францыю на тэрмін менш за 3 месяцы, то рэгістрацыя ў дзяржаўнай сістэме будзе недаступная. У гэтым выпадку патрэбна звычайная прыватная турыстычная страхоўка з мінімальным пакрыццём 30 000 еўра.
Што пакрывае дзяржаўная сістэма
Assurance Maladie пакрывае:
- каля 70% выдаткаў на візіт да ўрача.
- каля 80% выдаткаў на гаспіталізацыю.
- частку выдаткаў на медыкаменты па рэцэпце.
- частку выдаткаў на стаматалогію і оптыку.
Розніца паміж кошту паслугі і сумай кампенсацыі называецца ticket modérateur, і яе ты аплачваеш самастойна. Менавіта для пакрыцця гэтай розніцы існуе дадатковая страхоўка — mutuelle, пра яе пазней.
Як зарэгістравацца ў Ameli?
Увесь працэс праходзіць анлайн праз спецыялізаваны студэнцкі партал.
Партал для рэгістрацыі: etudiant-etranger.ameli.fr
Крок 1. Зарэгіструй уліковы запіс на партале. Зрабі гэта адразу пасля таго, як атрымаеш даведку аб залічэнні з ВНУ (Certificat de scolarité). На гэтым этапе загружаеш пашпарт і даведку аб залічэнні. Пасля гэтага сістэма аўтаматычна генеруе часовы нумар сацыяльнага страхавання. З гэтым нумарам ужо можна атрымліваць кампенсацыі выдаткаў пры наяўнасці французскіх банкаўскіх рэквізітаў.
Крок 2. Калі ты прыехаў_ла па доўгатэрміновай студэнцкай візе (VLS-TS — Visa de Long Séjour valant Titre de Séjour), яе трэба валідаваць на сайце ANEF (anef.interieur.gouv.fr) на працягу 3 месяцаў пасля ўезду. Валідацыя візы — гэта фактычна першы від на жыхарства ў Францыі. Без яе не атрымаеш пастаянны страхавы нумар.
Крок 3. Загрузі дадатковыя дакументы для пастаяннага нумара. Пасля валідацыі візы загружаеш на партал Ameli:
- пацвярджэнне віда на жыхарства або валідаваная VLS-TS.
- пераклад пасведчання аб нараджэнні на французскую мову, засведчаны прысяжным перакладчыкам.
- банкаўскія рэквізіты французскага рахунку (RIB).
Крок 4. Пасля апрацоўкі дакументаў (звычайна некалькі тыдняў) ты атрымаеш пастаянны нумар сацыяльнага страхавання і, пазней, фізічную карту Vitale — зялёная пластыкавая карта, якая прад’яўляецца ў клініках і аптэках. Да яе атрымання кампенсацыі прыходзяць на банкаўскі рахунак па часовым нумары.
Дадатковая страхоўка: mutuelle
Дзяржаўная сістэма пакрывае не 100% выдаткаў, астатак (ticket modérateur) аплачваецца асобна. Каб не плаціць гэтую розніцу самастойна, афармляюць дадатковую медыцынскую страхоўку — mutuelle. Гэта неабавязкова, але настойліва рэкамендуецца, асабліва калі плануеш карыстацца медыцынай рэгулярна, наведваць стаматолага ці афтальмолага.
Для студэнтаў існуюць льготныя тарыфы, іх прапануюць студэнцкія арганізацыі:
- Heyme — ад 9 еўра ў месяц для базавага пакрыцця.
- SMENO — таксама адна з найстарэйшых студэнцкіх страхавых арганізацый Францыі.
Акрамя таго, калі твой дохад ніжэйшы за пэўны парог, ты можаш мець права на CSS (Complémentaire Santé Solidaire) — бясплатную дадатковую страхоўку ад дзяржавы. Правер сваё права праз Ameli.
Банкаўскі рахунак і чаму ён патрэбны з першага дня
Для атрымання кампенсацый ад Assurance Maladie абавязкова патрэбны французскі банкаўскі рахунак і яго рэквізіты (RIB). Адкрыць рахунак у традыцыйным французскім банку без віда на жыхарства бывае няпроста. Больш просты варыянт для пачатку — лічбавыя банкі, якія адкрываюць рахунак анлайн і часта прымаюць студэнтаў-замежнікаў з мінімальным наборам дакументаў. Папулярныя варыянты: Lydia (Sumeria), N26, Revolut (RIB гэтых банкаў прымаецца Ameli).
Як карыстацца сістэмай пасля рэгістрацыі
Пасля таго як страхоўка актывавана, наведванне ўрача выглядае так:
- Запісваешся да ўрача праз платформу Doctolib (doctolib.fr) або па тэлефоне.
- На прыёме прад’яўляеш карту Vitale або называеш нумар, пакуль яна не прыйшла.
- Урач выстаўляе рахунак, частку пакрывае Assurance Maladie аўтаматычна, астатак, калі ёсць, — mutuelle.
- Кампенсацыя прыходзіць на рахунак на працягу некалькіх дзён.