Грантавая заяўка — гэта дакумент, які павінен пераканаць донара ў значнасці твайго праекта. Добра складзеная заяўка гаворыць: «Мы ведаем, што робім. Вось праблема, вось рашэнне, вось як мы яго рэалізуем.»
1. Рэзюмэ
Гэты раздзел пішацца апошнім, але чытаецца першым. У ім коратка выкладзі:
- Якую праблему ты вырашаеш
- Што за праект ты прапаноўваеш
- Хто ты і чаму табе варта давяраць
- Колькі сродкаў табе трэба і на што
Гэты тэкст павінен быць дакладным, кароткім і зачапляльным. Ён стварае першае ўражанне ў грантадаўцы.
Прыклад:
Маладыя беларусы, якія пераехалі ў Еўропу, адчуваюць цяжкасці з пошукам працы з-за недахопу лічбавых навыкаў. Мы прапануем 3-месячную навучальную праграму па базавым IT для 60 удзельнікаў, каб павысіць іх шанцы на працаўладкаванне.
2. Апісанне праблемы
Даказ, што праблема, над якой ты працуеш, актуальная:
- Прывядзі факты, даследаванні, статыстыку, лакальны кантэкст
- Растлумач, як праблема ўплывае на мэтавую аўдыторыю
- Пакажы, што без праекта яна не вырашыцца, наступствы бяздзеяння
- Звяжы праблему з прыярытэтамі грантадаўцы
Старайся дадаваць больш канкрэтыкі, спасылайся на правераныя крыніцы.
3. Апісанне праекта
Раскажы, што менавіта ты збіраешся рабіць:
- Якія мерапрыемствы будуць праведзены
- Колькі часу зойме рэалізацыя
- Хто адказвае за розныя этапы
- Якія рэсурсы табе спатрэбяцца
Калі праект вялікі, разбі яго на фазы. Выкарыстоўвай часавыя дыяграмы або табліцы для нагляднасці (калі фармат заяўкі дазваляе).
4. Мэты і задачы
Мэты — гэта агульны напрамак праекта. Задачы — канкрэтныя крокі, якія дапамогуць дасягнуць мэты. Задачы павінны быць вымернымі. Добры спосаб — выкарыстоўваць прынцып SMART (Specific, Measurable, Achievable, Relevant, Time-bound).
Прыклад:
- Мэта: Павысіць узровень лічбавай пісьменнасці сярод падлеткаў.
- Задача: Правесці 5 навучальных семінараў для 100 удзельнікаў на працягу 3 месяцаў.
5. Ацэнка вынікаў
Пакажы, як ты будзеш вымяраць поспех праекта:
- Якія індыкатары ты будзеш выкарыстоўваць
- Як ты збярэш дадзеныя
- Хто будзе праводзіць ацэнку
- Што ты зробіш з вынікамі
Прыклад:
Перад пачаткам курса ўдзельнікі запаўняюць анкету аб узроўні лічбавых навыкаў. Пасля заканчэння яны праходзяць тэст і анкету паўторна. Мы чакаем, што не менш за 80% палепшаць вынік мінімум на 30%.
6. Бюджэт
Прадстаў дэталізаваны і абгрунтаваны бюджэт:
- Прамыя выдаткі (аплата працы, арэнда, матэрыялы)
- Ускосныя выдаткі (адміністрацыйныя, непрадбачаныя)
- Уласны ўклад або сафінансаванне (калі патрабуецца)
Растлумач, навошта табе кожная стацця выдаткаў і як яна звязана з мэтамі праекта.
7. Інфармацыя аб арганізацыі
Раскажы пра сябе:
- Місія і вопыт арганізацыі
- Каманда праекта і яе кваліфікацыя
- Паспяховыя кейсы з мінулага
Мэта — паказаць надзейнасць і наяўнасць кампетэнцый выканаць тое, што абяцаеш.
Парады па падрыхтоўцы заяўкі
- Пішы ясна і лагічна. Пазбягай складаных фармулёвак.
- Прытрымлівайся структуры, пазначанай у інструкцыі грантадаўцы.
- Абавязкова вычытай заяўку і праверы на адпаведнасць патрабаванням.
- Папрасі калегу або ментара паглядзець заяўку перад падачай.
- Пачні падрыхтоўку загадзя — спешка заўсёды зніжае якасць.
Частыя памылкі
- Занадта агульнае апісанне праекта
- Адсутнасць логікі паміж праблемай, мэтамі і дзеяннямі
- Неабгрунтаваныя выдаткі
- Ігнараванне крытэрыяў ацэньвання
- Позняя падача