Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ) на працягу многіх гадоў быў для беларускай моладзі першай кропкай уваходу ў еўрапейскую адукацыю і рэальнай альтэрнатывай беларускім дзяржаўным ВНУ. Сёння рэжым перайшоў да прамых рэпрэсій супраць тых, хто там вучыцца.
Што адбылося?
Беларускія ўлады прызналі ЕГУ «экстрэмісцкай арганізацыяй». Гэтае рашэнне пацягнула за сабой не проста юрыдычны статус — яно запусціла хвалю рэальных пераследаў студэнтаў, іх сем’яў і супрацоўнікаў універсітэта. Ціск пачаўся больш за год таму, аднак цяпер ён перайшоў у новую фазу: ператрусы, выклікі на допыты, патрабаванні адлічыцца з універсітэта.
Чаго чакаць?
Калі ты студэнт ці студэнтка ЕГУ і знаходзішся ў зоне рызыкі або твае сваякі ў Беларусі, сітуацыя можа выглядаць так: сілавікі могуць выклікаць на допыты, праводзіць ператрусы дома, патрабаваць адлічыцца з універсітэта і прадаставіць пісьмовае пацвярджэнне, а таксама іншыя дакументы з універсітэта, пагражаць крымінальным пераследам бацькам і сваякам, калі студэнт не выканае патрабаванні.
Важна: рэжым не мае доступу да спісаў студэнтаў
Важна разумець, што сілавікі не маюць спісаў студэнтаў ЕГУ. Пераследы адбываюцца праз іншыя каналы: даносы, сацыяльныя сеткі, фізічныя дакументы. Таму калі ты знаходзішся ў зоне рызыкі — абавязкова прымі меры засцярогі:
- Не захоўвай у лічбавым ці фізічным выглядзе матэрыялы, звязаныя з ЕГУ: дыпломы, даведкі, перапіску, дакументы.
- Ачысці перапіску і публікацыі ў сацыяльных сетках, якія могуць паказваць на сувязь з універсітэтам
- Пазбягай паездак у Беларусь, нават кароткатэрміновых.
Мы дапамагаем у кожным канкрэтным выпадку
Кожная сітуацыя ўнікальная — і мы гэта разумеем. Калі ты сутыкаешся з ціскам, пагрозамі або не ведаеш, як дзейнічаць далей, абавязкова звяртайся: мы разглядаем кожны выпадак індывідуальна і кансультуем па пераводзе або працягу навучання ў іншых краінах і ўніверсітэтах ЕС.
Наша задача — зрабіць усё, каб беларуская моладзь магла вучыцца і развівацца там, дзе хоча, а не жыць у страху перад рэпрэсіямі.